Мая прафесія — настаўнік, а дакладней — настаўнік замежных моў. Чаму я стала настаўніцай? Таму што люблю дзяцей. Чаму менавіта настаўніцай замежных моў? Таму што я люблю мовы. Існуе меркаванне, што чалавек выбірае прафесію настаўніка, захапляючыся сваімі настаўнікамі, якія вялі ўрокі, якіх ён бачыў кожны дзень у школе. Неаднаразова я лавіла сябе на думцы, як у адным чалавеку можа змяшчацца і цвёрдасць, і бязмежнае цярпенне, як можна быць адначасова і строгім і мяккім, а галоўнае, заўсёды быць прыкладам ва ўсім і ведаць адказ на любое пытанне. Як завуць такога чалавека? Настаўнік! На першай педагагічнай практыцы я зразумела, што мой партрэт сапраўднага настаўніка быў складзены толькі з пункту гледжання дзіцяці… Сапраўдны настаўнік яшчэ павінен любіць жыццё, любіць сваю работу, сам працэс навучання. Гэта так здорава, калі ты тлумачыш новае правіла, а на самой справе раскрываеш перад дзецьмі нейкі сакрэт мовы, або задаеш дамашняе заданне, а на самой справе развіваеш уменне вучыцца, самім знаходзіць крыніцы ведаў. Настаўнік праводзіць не толькі «урок па матэматыцы», «урок па нямецкай мове», ён вядзе «урок жыцця», выхоўвае ў маленькага чалавека ўменне спадзявацца і верыць, ставіць мэту і працаваць над яе здзяйсненнем, радавацца поспехам і разбіраць няўдачы. І галоўнае, крочыць побач са сваімі любімымі дзецьмі.
Абрамовіч Святлана Алегаўна, настаўнік нямецкай і англійскай моў
Установа адукацыі «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна», 2018 г.