Отдел по образованию Пружанского райисполкома
Беларусь Библиотечная
Книга Беларуси XIV-XVIII веков
Могилевский институт МВД Республики Беларусь
Яндекс.Метрика

ИЗ УСТ МОЛОДЫХ СПЕЦИАЛИСТОВ

Прафесія — інжынер-электрамеханік

Вучыўся я ў Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту па спецыяльнасці інжынер-электрамеханік. Спачатку вучыцца было складана, але напрыканцы 2 курса стала лягчэй. Вучоба праляцела настолькі хутка, што прыйшоў час ісці на працу. Працую я брыгадзірам чыгуначнага транспарту і метрапалітэна ў Маторавагонным дэпо Мінск УП «Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі” (дэпо, дзе новыя электрацягнікі Stadler) на ўчастку па рамонту і абслугоўванню абсталявання. На дадзены момант выконваю абавязкі інжынера-тэхнолага. У мае абавязкі ўваходзіць праца з падначаленымі. Іх у мяне 20 чалавек. Таксама – абслугоўванне абсталявання дэпо: станкі, тэхналагічнае абсталяванне і г.д. Як інжынер, я выконваю дагаворную работу па рамонту інструмента і, увогуле займаюся забеспячэннем рамонтных цэхаў усім неабходным для бесперапыннага рамонту электрацягнікоў. Канечне, без 5 гадоў ва ўніверсітэце, працаваць на такой рабоце было б цяжка. Пра ўніверсітэт я хачу сказаць адно: нам, студэнтам, напрацягу ўсіх гадоў навучання дапамагалі ўсвядоміць, што такое чыгунка, як функцыянуе чыгуначная вытворчасць, як рухаецца цягнік па рэльсах, хто і чым у ім кіруе. Пары, лекцыі, практычныя заняткі, семінары, курсавыя праекты… Лёгка было тады, калі ты карыстаўся не толькі літаратурай, але і галавой: думаў, разважаў, прывучаў сябе да дысцыпліны і адказнасці за свае словы і ўчынкі. Для кожнага студэнта менавіта ўстанова адукацыі, у якой ён вучыўся, з’яўляецца самай лепшай. Так і ў маім выпадку. А сесія… А сесія два разы на год!

 

 

 

 

 

Васюковіч Дзмітрый Сяргеевіч, інжынер-электрамеханік

Установа адукацыі «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт траспарту», 2018 г.

Прафесія — ўрач

З 2018 года я працую ўрачом-інтэрнам агульнай медыцынскай практыкі ў Пружанскай цэнтральнай раённай бальніцы. Яшчэ ў 9 класе школы вырашыла, што буду паступаць у медыцынскі універсітэт, тады і вызначылася з прыярытэтнымі прадметамі і стала паглыблена іх вывучаць. Гэтымі прадметамі былі беларуская мова, біялогія і хімія. Дзякуючы ведам, якія я атрымала падчас вучобы ў школе, я паспяхова здала цэнтралізаванае тэставанне і, як і хацела, паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт на лячэбны факультэт. Вучыцца было вельмі цікава, як і зараз працаваць. Часу на адпачынак у мяне амаль не было, таму што так хацелася даведацца яшчэ больш: пагартаць энцыклапедыі, пачытаць навінкі ў галіне медыцыны, сустрэцца з аднакурснікамі, каб абмеркаваць правільныя адказы на пытанні да экзаменаў і абавязкова разам з імі памарыць аб тым, як праз некалі гадоў мы збярэмся на медыцынскай канферэнцыі ў сталіцы нашай краіны або нават за яе межамі.

 

 

 

 

 

Гаршынёва Кацярына Дзмітрыеўна, урач-інтэрн агульнай медыцынскай практыкі

Установа адукацыі «Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт», 2018 г.

 

 

Прафесія — настаўнік

Я ўжо другі год працую настаўнікам фізічнай культуры і здароўя. Вышэйшую адукацыю я атрымала ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна. Ва ўніверсітэце было цікава і карысна вучыцца. Вольнага часу ў нас на факультэце фізічнага выхавання, ў адрозненне ад іншых факультэтаў, амаль не было, таму што пасля асноўных заняткаў мы спяшаліся на трэніроўку або зборы кожны па сваім відзе спорту. Я асабіста займалася лёгкай атлетыкай. Па другой спецыялізацыі “Фізкультурна-аздараўленчая і турысцка-рэкрэацыйная дзейнасць” я праходзіла практыку ў цэнтры з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі. Таксама мы тэставалі спартсменаў і людзей, якія не займаюцца прафесійным спортам, але якія цікавяцца ўзроўнем сваёй фізічнай падрытаванасці. Варта адзначыць, што на факультэце жадаючыя студэнты займаюцца і навуковай дзейнасцю. Я сама неаднаразова прымала ўдзел у навуковых канферэнцыях. За час вучобы я наведала многія гарады Беларусі, а таксама і замежныя гарады.

Салавенюк Наталія Іванаўна, настаўнік фізічнай культуры і здароўя

Установа адукацыі «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна», 2017 г.

Прафесія — настаўнік

Настаўнікам нямецкай мовы, і ўвогуле настаўнікам я працую з верасня 2018 года. У чэрвені 2018 года я атрымала дыплом у сценах установы адукацыі “Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт”. Хараўская сярэдняя школа – гэта маё першае месца працы. І на дадзены момант я з’яўляюся маладым спецыялістам. Навучалася я на факультэце славянскіх і германскіх моў. Мая спецыяльнасць “Нямецкая мова. Англійская мова”. Хочацца адзначыць, што на факультэце ёсць усе неабходныя ўмовы для атрымання названай спецыяльнасці: лінгафонныя кабінеты, абсталяваныя неабходнымі сродкамі навучання, бібліятэка з крыніцамі інфармацыі па спецыяльнасці і не толькі, а таксама чытальная зала з вядомымі нямецкімі і англійскімі слоўнікамі. Варта адзначыць, што навучанне вядзецца высокакваліфікаванымі выкладчыкамі. Я неаднаразова прымала ўдзел  у профільных семінарах і канферэнцыях. І галоўнае –  мела ўнікальную магчымасць камунікаваць з носьбітамі мовы (яны выкладаюць ва ўніверсітэце). Я лічу, што галоўнае ў маёй прафесіі – любоў да дзяцей. Гэта і стала вырашальным фактарам пры выбары прафесіі.

Ляшчук Марына Ігараўна, настаўнік нямецкай і англійскай моў

Установа адукацыі «Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт», 2018 г.

Прафесія — настаўнік

Мая прафесія — настаўнік, а дакладней — настаўнік замежных моў. Чаму я стала настаўніцай? Таму што люблю дзяцей. Чаму менавіта настаўніцай замежных моў? Таму што я люблю мовы. Існуе меркаванне, што чалавек выбірае прафесію настаўніка, захапляючыся сваімі настаўнікамі, якія вялі ўрокі, якіх ён бачыў кожны дзень у школе. Неаднаразова я лавіла сябе на думцы, як у адным чалавеку можа змяшчацца і цвёрдасць, і бязмежнае цярпенне, як можна быць адначасова і строгім і мяккім, а галоўнае, заўсёды быць прыкладам ва ўсім і ведаць адказ на любое пытанне. Як завуць такога чалавека? Настаўнік! На першай педагагічнай практыцы я зразумела, што мой партрэт сапраўднага настаўніка быў складзены толькі з пункту гледжання дзіцяці… Сапраўдны настаўнік яшчэ павінен любіць жыццё, любіць сваю работу, сам працэс навучання. Гэта так здорава, калі ты тлумачыш новае правіла, а на самой справе раскрываеш перад дзецьмі нейкі сакрэт мовы, або задаеш дамашняе заданне, а на самой справе развіваеш уменне вучыцца, самім знаходзіць крыніцы ведаў. Настаўнік праводзіць не толькі «урок па матэматыцы», «урок па нямецкай мове», ён вядзе «урок жыцця», выхоўвае ў маленькага чалавека ўменне спадзявацца і верыць, ставіць мэту і працаваць над яе здзяйсненнем, радавацца поспехам і разбіраць няўдачы. І галоўнае, крочыць побач са сваімі любімымі дзецьмі.

Абрамовіч Святлана Алегаўна, настаўнік нямецкай і англійскай моў

Установа адукацыі «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна», 2018 г.