75-годзе вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

У гэтым годзе Беларусь адзначае 75-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Шлях да вызвалення пачаўся ў 1943-м, калі ў выніку правядзення Смаленскай, Бранскай, Чарнігаўска-Прыпяцкай, Лепельскай, Гомельска-Рэчыцкай аперацый былі вызвалены першыя гарады Беларусі. Доўгія тры гады знемагала пад фашысцкім ярмом беларуская зямля. Галоўным сродкам насаджэння тут свайго «новага парадку» нацысты абралі палітыку генацыду і масавага крывавага тэрору. Гітлераўцы не шкадавалі ні жанчын, ні дзяцей. Канцлагера, турмы, гета дзейнічалі практычна ў кожным раёне Беларусі. Усяго ў межах рэспублікі было створана 260 лагераў смерці і 70 гета. Толькі ў адным з іх, Трасцянецкім, загінулі 206,5 тыс. чалавек, у астатніх лагерах таксама, страшныя лічбы … Але ніякімі рэпрэсіямі акупанты не маглі зламаць волю беларускага народа да вызвалення. Свой уклад у разгром фашысцкіх захопнікаў унеслі партызаны і падпольшчыкі Беларусі, якую ў гады акупацыі па праву называлі «рэспублікай-партызанкай». За тры гады гераічнай барацьбы ў тыле ворага патрыёты Беларусі знішчылі амаль паўмільёна гітлераўцаў і паліцэйскіх. Іх подзвіг назаўжды застанецца ў памяці народнай. Летам 1944 года Чырвоная Армія працягнула вызваленне рэспублікі ў ходзе Беларускай аперацыі пад кодавай назвай «Баграціён». Аперацыя «Баграціён» пачалася 23 чэрвеня 1944 года. Яе ажыццяўлялі войскі 1-га Прыбалтыйскага, 1-га, 2-га і 3-га Беларускіх франтоў, Дняпроўская ваенная флатылія, 1-я армія Войска Польскага, партызанскія фарміраванні, якія дзейнічалі на акупаванай ворагам тэрыторыі рэспублікі. Войскамі камандавалі славутыя савецкія военачальнікі — Маршал Савецкага Саюза К.К. Ракасоўскі, генералы арміі І.Х. Баграмян, Г.Ф. Захараў, І.Д. Чарняхоўскі. Дзеянні франтоў каардынавалі прадстаўнікі Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання Маршалы Савецкага Саюза А.М. Васілеўскі і Г.К. Жукаў. Але перамога дасталася нашаму народу дарагой цаной. З 23 чэрвеня і да канца ліпеня, калі ішла барацьба за вызваленне Беларусі, савецкія войскі страцілі 440 879 чалавек, у тым ліку забітымі 97 232 чалавек. Такія страты тлумачыліся упартым супрацівам суперніка, моцай яго абароны, цяжкасцямі фарсіравання многіх рэк, неэфектыўнай артылерыйскай і авіяцыйнай падрыхтоўкай, нездавальняючымі дзеяннямі 5-й гвардзейскай танкавай арміі, дрэнным узаемадзеяннем войскаў з авіяцыяй і партызанамі. Яны былі абумоўлены таксама недахопамі ў баявой падрыхтоўцы воінаў, закліканых у дзеючую армію падчас самой аперацыі. Так, былыя партызаны, падпольшчыкі, а гэта была ў асноўным моладзь прызыўнога ўзросту, пасля вызвалення тэрыторыі рэспублікі адразу ж ўліваліся ў часці і злучэнні Чырвонай Арміі; нярэдка паспешліва, з ходу, без належнай ваеннай падрыхтоўкі іх кідалі ў бой … Выяўляючы смеласць і адвагу, яны, тым не менш, не валодалі тактычным майстэрствам, таму сярод іх і былі неапраўдана вялікія страты, у чым вінавата і камандаванне. У цэлым аперацыя па задуме, маштабах, эфектыўнасці і значнасці займае асаблівае месца і ўяўляе важную частку ў айчыннай і сусветнай гістарыяграфіі ваеннага мастацтва.Гэта падзея стала значным для нашай краіны, для нашых продкаў, для дарослых і дзяцей, таму ніколі не варта гэтага забываць і абавязкова трэба распавядаць пра гэта вашым дзецям, каб і яны гэта ведалі, памяталі і перадавалі гэтую інфармацыю з пакалення ў пакаленне.

Добавить комментарий